ТЕМЫ, СТАТЬИРегионы

 

 

ОБЩЕСТВО "ЗАГОРОДЬЕ"

      
 

Фёдар КЛІМЧУК [*].

 

ЗАГАДКАВАЕ ПАЛЕССЕ

 

[ARCHE. 3 (102). Палесьсе: народы, улады і войны. Менск, сакавік 2011. С. 13--27].

 

Чаму ў гэтага артыкула такі загаловак? Чаму Палессе загадкавае?

Таму што характарыстыкі, якія даюцца Палессю як рэгіёну, а таксама ягоным жыхарам, вельмі супярэчлівыя. У шмат якіх выпадках агульнапрынятай думкі на гэты конт няма. Адрозніваецца кніжны, афіцыйны погляд на Палессе, і погляд народны. Ёсць адрозненні і ў поглядах на Палессе розных «кніжнікаў», не кажучы ўжо пра «народныя» погляды на гэты край, якія вельмі разнастайныя.

Пра Палессе існуе цэлая серыя міфаў. Звернем увагу толькі на некаторыя з іх, заўважыўшы, аднак, што асобных міфаў у наш час трымаецца ўжо толькі невялікая колькасць людзей.

Міф № 1. Тэрыторыя Палесся акрэсліваецца вельмі выразна, прыкладна як межы якой-небудзь дзяржавы ці адміністрацыйнай адзінкі.

Міф № 2. Для жыхароў Палесся характэрная надзвычай выразная этнічная самасвядомасць, прыкладна такая, якая бывае ў нацыяў, якія канчаткова сфармаваліся. Нібыта мы можам наблізіцца да Палесся, заехаць у нейкую вёску перад самай ягонай мяжою, і там нам кожны чалавек скажа, што мы ўжо каля Палесся, але гэта яшчэ не Палессе, яно пачынаецца праз два кіламетры. А калі прыедзем у тую вёску за два кіламетры, то адпаведна там апытаем кожнага жыхара, і кожны з іх нам скажа, што так, у нас Палессе, а я паляшук або паляшучка. І так можна аб’ехаць усе вёскі на Палессі, і так будзе ў кожнай з іх.

Міф № 3. Палессе — гэта масіў дрымучых лясоў, самы лясісты край у Еўропе. На поўдзень ад Палесся да самага Чорнага мора лясоў зусім няма. Надзвычай мала лясоў на поўнач ад Палесся да самага Ледавітага акіяна і на захад — да Атлантычнага акіяна. Палескія лясы перамешваюцца з балотамі.

Міф № 4. Карэнныя жыхары Палесся — вельмі адсталыя.

 

[c. 13 ↑]

 

Міф № 5. На Палессі людзі з’явіліся вельмі позна. Раней там было мора, а потым гнілое балота.

Міф № 6. На Палессі людзі вельмі мала займаюцца земляробствам. Асноўны іхны занятак — нарыхтоўка і сплаў драўніны.

Міф № 7. У палешукоў няма ніякага мастацтва і ніякай духоўнай культуры.

Міф № 8. На Палессі надзвычай многа балотаў, у тым ліку балотных масіваў. Ёсць погляд, што Палессе — гэта суцэльнае балота, і ў балоце стаяць многія вёскі. Палешукі застаюцца ў поўнай залежнасці ад прыроды. Восенню і вясною балота заліваецца вадой, і хаты таксама ў ёй апынаюцца, дзеля чаго ад стала да парога даводзіцца плаваць на чаўнах. Зімою ж вада замярзае, і тады ад стала да парога ездзяць на каньках.

Такія міфы можна доўжыць і доўжыць, але большасць з іх рассыпаецца пры першай спробе крытычнай ацэнкі. Так, напрыклад, сярод іншых існуюць міфы пра нізкаякаснасць адзення палешукоў і пра нізкі стан іх духоўнай культуры, пра позняе засяленне Палесся. Пра тое, што гэта не адпавядае рэчаіснасці, сведчаць грунтоўныя працы навукоўцаў [1]. Неабходна мець на ўвазе наступнае: даўней адзенне было амаль выключна даматканае і падзялялася на працоўнае і святочнае. Святочнае надзявалі ў нядзелю і на святы. Асабліва прыгожа ўбіраліся тады, каля ішлі ў царкву. На Драгічыншчыне была такая прымаўка: «Вбрáвся бы до цэ´рквы». Чыста ўбіраліся і тады, калі жалі жыта ці іншую збажыну ці калі зграбалі сена. Калі ж палешукі працавалі каля гною ці ў пыле, або калі капалі бульбу ці выконвалі іншыя падобныя віды працы, то і адзенне было працоўнае,

і пры гэтым яно лёгка забруджвалася. Відаць, той, хто трымаўся ці трымаецца міфу пра нізкаякаснасць адзення палешукоў, проста параўноўваў працоўную вопратку сялянаў з адзеннем паноў.

Але распачнем нашую гутарку пра Палессе. Глянем на гэты рэгіён з розных бакоў, з розных «званіц» і паспрабуем разгадаць некаторыя яго таямніцы. Па магчымасці вызначым, у якіх выпадках назвы Палессе і палешукі традыцыйна мясцовыя, у якіх — кніжныя, калі прыналежнасць да палешукоў лічыцца гонарам, а калі — ганьбаю, калі слова палешукі — саманазва, а калі так называюць пэўныя групы людзей іхныя суседзі, і г. д. Закранем пытанне, як трапіла слова Палессе ў кнігі — з народных вуснаў ці яго прыдумалі кніжнікі? Калі з народных вуснаў, дык ад жыхароў якой мясцовасці і калі? А таксама ў чым розніца ва ўяўленнях пра Палессе і палешукоў у розных групаў насельніцтва?

За зыходны момант мы возьмем сучасны стан: апошнюю чвэрць ХХ — па-

[c. 14 ↑]

 

чатак ХХІ стст., а за Палескі рэгіён прымем тую тэрыторыю, якая ў наш час лічыцца Палессем традыцыйна і афіцыйна, паводле сучасных энцыклапедыяў і шматлікіх апублікаваных ды рукапісных працаў. Гэта можа быць Палессе цалкам, а можа быць і сума розных Палессяў. Прымаем мы сучасны стан таму, што для адных тэрыторыяў традыцыйнае — гэта спрадвечнае, для другіх жа традыцыя пачынаецца толькі з 1921 г. ці з нейкага іншага часу.