ТЕМЫ, СТАТЬИ 

 

ОБЩЕСТВО "ЗАГОРОДЬЕ"

Васіль Ліцьвінка

12 ліпеня 2007 г . раптоўна, зусім  нечакана, пайшоў з жыцця знаны беларускі фалькларыст, нястомны збіральнік і апантаны прапагандыст народнай творчасці, энергічны арганізатар яе фіксацыі, архівацыі, вывучэння, а таксама папулярызацыі ў самых розных сферах грамадскага жыцця краіны Васіль Ліцьвінка.

Нарадзіўся Васіль Ліцьвінка 7 снежня 1941 г . у вёсцы Верхні Церабяжоў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. З маленства ён увабраў у сябе (у першую чаргу ад маці Лідзіі Андрэеўны і дзядзькі Аляксандра Андрэевіча – знакамітага мясцовага выканаўцы палескіх песень) усё багацце традыцыйнай культуры гэтага унікальнага кутка Заходняга Палесся. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўчарашні вучань быў накіраваны на працу ў сямігодку столінскай вёскі Лука, дзе ў 1958 – 60 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру, а сярод шэрагу іншых прадметаў і спевы.

У наступныя чатыры гады служыў на ваенна-марскім флоце, прычым падчас Карыбскага крызісу 1962 г . знаходзіўся на крэйсеры “Дзяржынскі” ля берагоў Кубы.

Пасля заканчэння тэрміну службы ў 1964 г . паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (БДУ), які паспяхова скончыў у 1970 г . Літаральна з першага курса навучання будучы слынны навуковец пачынае сваю збіральніцкую дзейнасць, якую спачатку накіроўвае Вера Захарава, што ў тыя часы была на чале філфакаўскай фалькларысткі.

З 1966 па 1971 год Васіль Ліцьвінка ачольвае універсітэцкі студэнцкі клуб, арганізуе рэпетыцыі і канцэртную дзейнасць нешматлікіх, але ўжо добра вядомых у рэспубліцы самадзейных калектываў універсітэта, большасць з якіх, дзякуючы яго намаганням і руплівасці, у хуткім часе атрымалі ганаровыя званні народных. Віравала ва універсітэце і гастрольная канцэртная дзейнасць. Дастаткова ўзгадаць, што адзін з першых канцэртаў тут далі славутыя “Песняры”. Былыя студэнты – аматары народнай творчасці, тыя, хто памятаюць маладога Васіля ў тыя далёкія гады, сведчаць, што яго папулярнасць як кіраўніка студэнцкай самадзейнасці можа быць параўнана з папулярнасцю тагачаснага рэктара універсітэта акадэміка А.Н. Сеўчанкі.

У 1971 г . Васіль вяртаецца на родны факультэт, дзе стварае першую ва універсітэце лінгафонную лабараторыю і кіруе ёю амаль пяць гадоў. З верасня 1975 г . ён пераходзіць на выкладчыцкую работу на кафедру рускай савецкай літаратуры філфака, дзе выкладае фальклор. Варта зазначыць, што ў розныя гады Васіль таксама чытаў лекцыі па вусна-паэтычнай народнай творчасці ў і Беларускім педагагічным універсітэце, і ў Беларускай акадэміі мастацтваў, і ў Беларускім універсітэце культуры, шэрагу інстытутаў удасканалення кваліфікацыі, вёў спецкурс па методыцы збірання фальклору ў Гродзенскім універсітэце.

З 1982 г . наступае найбольш плённы і пладавіты перыяд у арганізацыйнай і творчай дзейнасці Васіля Ліцьвінкі. Дзякуючы намаганням Васіля і тагачаснага дэкана Аляксея Воўка, менавіта са студзеня гэтага года на філфаку пачынае працаваць група па даследаванню беларускага фальклору і дыялекталогіі, а неўзабаве і адпаведная навукова-даследчая лабараторыя, загадчыкам якой Ліцьвінка і быў прызначаны. Якраз тут знаходзіць прымяненне неўтаймаваная Васілёва энергія як збіральніка вусна-паэтычнай народнай творчасці, пільнага даследчыка і нястомнага папулярызатара народнай творчасці, разгортваецца мэтанакіраваная фалькларыстычная праца. Не будзе перабольшваннем калі зазначыць, што на працягу двух дзесяцігоддзяў НДЛ фальклору універсітэта была сапраўдным цэнтрам беларускай практычнай фалькларыстыкі, з якога ў свой час, у 1991 г ., выйшаў і аформіўся Беларускі саюз фалькларыстаў. І тут ініцыятарам стварэння новага творчага аб’яднання стаў і ўзначаліў яго таксама Васіль Ліцьвінка.

Перш за ўсё ў лабараторыі была разгорнута праца па фіксацыі сучаснай традыцыйнай вусна-паэтычнай народнай творчасці і духоўнай культуры ў межах тэмы па этналінгвістычнаму даследаванню Палесся. Пры гэтым адным з самых актыўных збіральнікаў народных скарбаў быў сам загадчык НДЛ фальклору Васіль Ліцьвінка. Наогул за гэты час ён кіраваў прыблізна 30 палявымі навуковымі экспедыцыямі студэнтаў і адмыслоўцаў, зрабіў (часткова разам са студэнтамі) каля 200 тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў вусна-паэтычнай народнай творчасці. Разам са спецыялістамі- тэлевізіёншчыкамі запісаў і пракаментаваў у кадры 246 відэафільмаў пра святы і абрады, сярод якіх – усе без выключэння найважнейшыя самабытныя фальклорна-этнаграфічныя з’явы айчыннай традыцыйнай культуры. Улічваючы ўсё зробленае Васілём Ліцьвінкам, трэба канстатаваць, што ён адзін з самых буйных збіральнікаў беларускай народнай творчасці ў мінулым стагоддзі. Яго запісы ўвайшлі ў шэраг тамоў акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць”. Назапашаныя за гэты час матэрыялы стварылі аснову фальклорнага архіва навукова-даследчай лабараторыі, які мае рэгіянальную і жанравую часткі, дзе захоўваецца прыблізна 4 мільёнаў тэкстаў і больш за 500 тысяч адзінак аудыёзапісаў. Лабараторыя з’яўляецца калектыўным сябрам Міжнароднай арганізацыі па фальклоры ЮНЕСКА (IOV) і яе камісіі рэгіянальнага даследавання фальклору.

На працягу 1987 – 2003 гг. Васіль Ліцьвінка вёў тэлепраграму Беларускага тэлебачання “Запрашаем на вячоркі”, якая ў гэтыя часы была, відаць, самай рэйтынгавай і пазнаванай у Беларусі. За гады існавання праграмы ў ёй выступілі амаль усе вядомыя ў краіне самадзейныя калектывы і асобныя выканаўцы, а сам вядучы аб’ездзіў з групай, якая стварала перадачу, фактычна ўсю краіну.

З 1972 г . Васіль Ліцьвінка актыўна друкуе сабраныя народныя скарбы. За творчае жыццё ён апублікаваў некалькі манаграфій, сярод іх прысвечаныя каляндарным святам і абрадам “Зімовыя святкі”, “Веснавыя святы і абрады” (абедзве ў 1995 г .), тры выданні (1997, 1998, 2001) “Святаў і абрадаў беларусаў”; зборнікі фальклору Гомельскай і Мінскай абласцей серыі “Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры” (1989, 1995; аўтарскія раздзелы, рэдагаванне), “Песні партызанскай славы” (1984; 2-е выд. 1988), “Калыханкі і забаўлянкі” (1992), “Спадчына маёй маці” (1993) і інш. Асобнае месца належыць двум апошнім кнігам: «“Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года Яна Чачота” 1842 – 1844 гадоў – гістарычны эпас беларусаў» (2004), у якой аўтар пераканаўча абгрунтоўвае сваё бачанне няпростага пытання аб беларускім гістарычным эпасе, і “Фальклор і этнакультура Чарнобыля. З нагоды 20-годдзя сусветнай катастрофы” (2006), дзе абагульнены шматгадовы досвед, у тым ліку асабісты, даследавання традыцыйнай палескай культуры.

Васіль Ліцьвінка з’яўляўся найбольш дасведчаным знаўцам творчасці Рыгора Шырмы, з якім яго звязвалі сяброўскія адносіны. Плёнам гэтай сферы інтарэсаў з’явіўся падрыхтаваны ім зборнік артыкулаў Р.Р. Шырмы “Песня – душа народа” (1976; 2-е выд. 1993) з каментарыямі, бібліяграфіяй, летапісам жыцця і творчай дзейнасці Шырмы, а таксама кандыдацкая дысертацыя “Р.Р. Шырма – фалькларыст”, паспяхова абароненая  Васілём Ліцьвінкам ў 1984 г . у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы.

Пяру даследчыка належыць каля 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных прац, сярод якіх варта вылучыць вялікую колькасць артыкулаў, напісаных для энцыклапедычных даведнікаў “Беларуская этнаграфія” (12) і “Беларускі фальклор” (46), дзевяці тамоў гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць” (фальклорная спадчына Астравецкага, Баранавіцкага, Валожынскага, Горацкага, Дзятлаўскага, Докшыцкага, Любанскага, Ляхавіцкага і Столінскага раёнаў). Трэба адзначыць таксама і серыю з 13 артыкулаў, прысвечаных паслядоўнаму і падрабязнаму аналізу варыяцыйных структур, тэкставых і музычных, асобных беларускіх песень, што створаны разам з этнамузыказнаўцамі, сярод якіх былі такія вядомыя адмыслоўцы, як Генадзь Цітовіч і Уладзімір Раговіч (апублікаваны ў 80 – 90 гг. мінулага стагоддзя ў часопісе “Мастацтва Беларусі”/“Мастацтва”). Дарэчы, да 85-годдзя з дня нараджэння Г.І. Цітовіча, старэйшага шчырага сябра і аднадумцы, Васіль Ліцьвінка надрукаваў некалькі артыкулаў у газеце “Голас Радзімы” (май – жнівень 1995 г .). На працягу 13 год, у прыватнасці з 1994 па 2006 гг., прыстойным накладам выходзіў добра вядомы ў нашай краіне ягоны насценны “Каляндар свят і абрадаў беларусаў”.

У 2003 і 2005 гг. ён арганізаваў і правёў дзве буйныя міжнародныя фальклорна-этналінгвістычныя канферэнцыі: першая была прысвечана памяці і 80-годдзю з дня нараджэння славутага расійскага даследчыка духоўнай культуры Палесся акадэміка РАН М.І. Талстога, а другая – з нагоды 220-годдзя Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага. Выдадзеныя матэрыялы абедзвюх канферэнцый рэдагаваліся Васілём Ліцьвінкам.

Пасля канчатковага выхаду на пенсію ў 2006 г . Васіль захапіўся ідэяй стварэння ў сваіх родных мясцінах на Століншчыне фальлорна-этнаграфічнага цэнтра заходнепалескай традыцыйнай культуры з наладжанай сістэмай турыстычных экскурсій, маладзёжных вандровак і да т.п. і зрабіў ужо пэўныя захады для здзяйснення задуманага, прычым раённыя ўлады вельмі прыхільна паставіліся да планаў славутага земляка. Няма сумневу, што і гэту справу ён бы наладзіў. На жаль, заўчасная смерць перашкодзіла новаму працягу плённай фалькларыстычнай і этнакультурнай дзейнасці нястомнага працаўніка на ніве беларускай культуры.

Пахавалі Васіля Ліцьвінку на сціплых могілках роднай вёскі.

У гэты дзень да паўдня без перапынку ішоў дождж, як, дарэчы, два папярэднія тыдні. Але перад самым вынасам труны ён пакрысе сцішыўся, і нават вызірнула сонейка, каб, падалося, развітацца – цяпер назаўсёды – з выдатным сынам столінскай зямлі, у бялютка-жоўты пясочак якой яго, адпеўшы, паклалі.

Мікола Антропаў