ТЕМЫ, СТАТЬИ 

 

ОБЩЕСТВО "ЗАГОРОДЬЕ"

Валянціна ВЯРГЕЙ, Алег ІОЎ,

кандыдаты гістарычных навук

 

ПІНСК СТАРАЖЫТНЫ

 

[Беларуская мінуўшчына. Гісторыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. 1997, № 3 (25). С. 2--6].

 

 “... Пінск належыць да старажытнейшых паселішчаў славянскіх. Пра яго згадваецца Нестарам у першы раз пад годам 1097:  але несумненна, што Пінск, разам з Туравам, з якім лёсы яго цесна звязаны, не толькі існаваў,   але быў цэнтральным пунктам прасторнай вотчыны. Па словах летапісу, Пінск у 1097 годзе належаў Святаполку Кіеўскаму...”

Адам Кіркор.

“Жывапіспая Расія”.

 

“Пабачыш, зойме гарады твае Тураў і Пінск і другія, тады ўспомніш мяне”.

Уладзімірскі князь Давыд Ігаравіч –

вялікаму князю кіеўскаму

Святаполку Ізяславічу. 1097 год.

Аповесць мшулых гадоў”.

 

“И рече Святополк, яко: поведал ми Давид Игоревич, яко Василко брат ти убил Ярополка, и тебе хощет убити и заяти твою волость, Туров и Пинск и Берестье”.

1097 год. “Першапачатковы летапіс”.

 

 

Успамін пра Пінск упершыню з’яўляецца на старонках “Першапачатковага леталісу” пад 1097 годам. У кантэксце тагачасных палітычных падзей ён узгадваецца летапісам яшчэ некалькі разоў – пад 1099, 1132, 1147, 1154 гг. і г.д.

Практычна гэтымі вельмі скупымі згадкамі і вычэрпваецца ўся інфармацыя аб старажытным Пінску. Да сярэдзіны XII ст. горад знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, потым з’яўляўся цэнтрам удзелынага Пінскага княства. Некалькі разоў у летапісах згадваюцца пінскія князі: у 1183 г. -- Яраслаў Юр’евіч, у 1180г. -- Яраполк Юр’евіч, у 1204 г. -- Уладзімір, у 1228 г. -- Расціслаў, у 1129 г. -- Уладзімір, у 1262 г. -- Фёдар і Юрый Уладзіміравічы. 3 пачатку XIV ст. Пінскае княства ўваходзіць у склад Вялікага княства Літоўскага.

 

Традыцынна першае ўпамінанне горада на старонках летапіса лічыцца пачаткам яго гісторыі. Аднак археалагічнае вывучэнне старажытных гарадоў не аднойчы ўжо давала падставы для ўдакладнення пісьмовых крыніц. Даследуючы працэсы горадаўтварэння ва Усходняй Еўропе, навукоўцы сутыкнуліся са з’явай, якая атрымала назву перанос гарадоў”. На землях усходніх славян і іх суседзяў існавалі рознага роду дагарадскія цэнтры або протагарады, якія ўжо акумулявалі пэўныя адміністрацыйныя, вайсковыя, гандлёвыя і рамесныя функцыі. I вельмі часта гораду, які ўзнік і развіваўся ў сярэднявеччы, спадарожнічае яго двайнік, які зарадзіўся ва ўмовах крушэння родавага ладу. Найболыц вядомымі парамі такога кшталту з’яўляюцца Рурыкава гарадзішча і Ноўгарад, Гнёздава і Смаленск, Цімерава і Яраслаўль. На Беларусі суіснаванне протагарадскога цэнтра і сярэднявечнага горада прасочваецца ў звязцы гарадзішча на Менцы і Менска, заснаванага пры ўпадзенні Нямігі ў Свіслач, Старога Барысава і Барысава. Адбываецца таксама перанос цэнтра горада і ў Полацку -- з гарадзішча на Палаце ў Верхні замак. Можна выказаць меркаванне, што падобная лінія развіцідя была характэрнай і для Турава, якому папярэднічала гарадзішча Хільчыцы.

Фіксуючы разрыў у пераемнасці развіцця насельнікаў гарадскога тыпу пры пераходзе ад дадзяржаўнай пары да эпохі дзяржаўнасці, гэты факт даследчыкі тлумачаць барацьбой новага феадальнага ладу з адыходзячай рода-племянной арганізацыяй грамадства. У працэсе істотных зменаў, што адбываліся ў гэты перыяд, побач са старым племянным цэнтрам узнікаў новы, да якога пераходзілі ўсе функцыі, што выконваў яго папярэднік у пэўнай акрузе.

У дванаццаці кіламетрах на паўночны ўсход ад Пінска, у в. Гарадзішча, размешчаны археалагічны комплекс, які складаецца з гарадзішча і селішча. Гарадзішча знаходзіцца на высокім мысападобным выступе возера Гарадзішчанскае, якое злучаецца з р. Ясельда. Яно невялікае па памерах, яго

 

[с. 2 ↑]

 

пляцоўка займае плошчу 22 на 27 метраў. 3 усходу да яго прымыкае селішча плошчай звыш чатырох гектараў. У 1928 г. помнік адкрыў Р. Гарашкевіч, пасля Другой сусветнай вайны яго абследавалі Ю. Кухарэнка, В. Караткевіч, Л. Побаль. I толькі раскопкі паселішча, якія пачаліся ў 1983 г. пад кіраўніцтвам аўтараў артыкула, дазволілі вызначыць этапы яго існавання і сацыяльна-эканамічнае аблічча.

Упершыню гэтая мясціна была асвоена чалавекам у эпоху фінальнага палеаліту (каля VIII тысячагодцзя да н.э.). Пазней, змяняючы адзін аднаго, тут жылі насельнікі эпохі бронзы, мілаградскай і зарубінецкан культур жалезнага веку. У VIII ст. н.э. сюды прыходзяць славяне і будуюць сваё паселішча, якое становіцца, магчыма, племянным цэнтрам.

На працягу ІХ ст. паселішча паступова разрастаецца, а ў X ст., дзякуючы бурнаму развіццю гандлю і рамяства, набывае рысы, якія яскрава адрозніваюць яго ад астатніх сельскіх паселішчаў акругі. Менавіта рэчы апошняга перыяду яго існавання (X -- пачатак XI ст.) складаюць асноўную масу археалагічных знаходак. Многія з іх выраблены за тысячы кіламетраў ад Палесся. Рознакаляровыя шматчастковыя пранізкі, хутчэй за ўсё, па-ходзяць з Міжземнамор’я, а бурштынавыя вырабы -- з Прыбалтыкі. Некалькі шкляных пацерак трапілі сюды з Візантыі і Егіпта.

Нетыповымі для шэраговых сельскіх паселішчаў з’яўляюцца знаходкі касцяных аднабаковых састаўных грэбеняў, якія ўпрыгожаны разным геаметрычным арнаментам, бранябойнага наканечніка стралы, бронзавага наканечніка пояса дружынніка, скандынаўскага жалезнага відэлыда ў выглядзе трызубца з загнутымі пад прамым вуглом зубцамі і чаранком. Падобныя відэльцы, інкруставаныя каляровымі металамі, добра вядомыя ў пахавальных помніках Швецыі. Упершыню на тэрыторыі Беларусі выяўлены фрагмент жалезнага стрэмя, упрыгожаны медным дротам. Падобныя рэчы знойдзены ў славянскіх і хазарскіх паселішчах у басейне Дона, помніках Мурамскага Паволжа, Старой Ладазе і інш.

Акрамя гандлю, жыхары Пінска Гарадзішчанскага займаліся рамяством. На селішчы знойдаены металургічныя тыглі, льячкі, цэлы універсальны тыгель-льячка. Відаць, мясцовыя майстры зрабілі выяўленыя пры раскопках бронзавыя і дробныя пласцінкавыя бранзалеты і розных формаў пярсцёнкі. Усе яны арнаментаваны ў адзіным стылі --  праштампаванымі лініямі трохвугольнікаў. Такая традыцыйнасць дэкору можа быць растлумачана тым, што іх зрабілі ў адной майстэрні. Сярод ювелірных вырабаў немясцовага паходжання трзба вылучыць дзве трапецыяпадобныя бронзавыя падвескі, якія ўваходзілі ў склад упрыгажэнняў жаночага касцюма. Падобныя падвескі часта знаходзяць у курганах крывічоў на поўначы Беларусі і Смаленшчыне.

Вышэй апісаныя рэчы яскрава сведчаць, што паселішча ў в. Гарадзішча на Ясельдзе з’яўлялася ў IX -- на пачатку XI ст. значным гандлёвым, рамесніцкім і палітычным цэнтрам Палесся. У археалагічнай літаратуры падобныя цэнтры атрымалі назву “адкрытых гандлёва-рамесніцкіх паселішчаў”, ці “протагарадоў”.

Рэканструяваць гістарычную тапаграфію і забудову Гарадзішчанскага паселішча вельмі складана ў сувязі са значнымі пашкоджаннямі культурнага пласта, што адбыліся ў выніку наступнага засялення яго тэрыторыі, пачынаючы з XV ст. Але ўсё ж на падставе матэрыялаў раскопак можна выказаць пэўныя меркаванні. Умацаваная частка паселішча размяшчалася на мысе, над возерам. 3 панапольнага боку гарадзішча было абаронена пясчаным валам. Па грэбню вала і па астатняй частцы перыметра пляцоўкі праходзіла драўляная сцяна, збудаваная з вертыкальных стаякоў і замацаваных у іх гарызантальных бярвенняў. Рэшткі жылых пабудоў на гарадзішчы не прасочваюцца. Магчыма, тут было капішча, якое адыгрывала ролю рэлігійнага цэнтра для ўсёй акругі. Паміж гарадзішчам і селішчам быў выкапаны роў глыбінёй каля трох метраў.

На селішчы даследавалася плошча памерам 800 квадратных метраў, на якой выяўлены тры наземныя зрубныя пабудовы другой паловы X ст., што складаліся з аднаго памяшкання. Ацяпляліся яны печамі, складзенымі на драўлянай аснове з дробных камянёў і гліны. Пад печамі знаходзіліся ямы. Пабудовы мелі памеры прыкладна 5 на 6 метраў.

Вельмі характэрнай рысай славянскіх протагарадоў (ці інакш старшых гарадоў ІХ--ХІ стст.) з’яўляецца іх прыналежнасць да міжнароднага гандлю. Якія ж гандлёвыя шляхі абслугоўвала Гарадзішчанскае паселішча? Па-першае, вядомую дняпроўска-бугска-вісленскую гандлёвую магістраль. У ІХ--ХІІІ стст. яна праходзіла па Прыпяці і Піне, у месцы зліцця якіх фіксуецца Пінск ХІ ст., далей па сушы – да р.Мухаўца, правага прытока Заходняга Буга. У старажытнасці (а менавіта ў ІХ--ХІ стст.) рэчышча Піны падзялялася на два рукавы. Першы з іх -- той, што і зараз упадае ў Прыпяць; другі, абмінаючы Прыпяць, паварочваў на паўночны ўсход і каля паселішча Гарадзішча ўпадаў у Ясельду. Ён і зараз існуе ў выглядзе невялікай каналізаванай рачулкі, а яшчэ ў XVII ст. быў паўнаводным і, верагодна, з’яўляўся асноўным вадасцёкам Піны. Пінскі староста

 

[с. 3 ↑]

 

Станіслаў Хвальчэўскі, апісваючы паміж 1552 -- 1555 гг. в. Гарадзішча, называе яе “сяло Гарадзішча за ракой Піна”. Як відаць і з іншых дакументаў XVI ст., в. Гарадзішча ў першую чаргу асацыявалася з Пінай, а Ясельда ў гэтым кантэксце ўзгадваецца толькі аднойчы.

Дняпроўска-бугска-вісленская гандлёвая магістраль мела вялікае значэнне для развіцця гандлёвых і культурных сувязяў з Польшчай і Заходняй Еўропай. У ХІ--ХІ стст. гандлёвыя караваны з Дняпра рухаліся па Прыпяці і яе прытоку Ясельдзе да Гарадзішчанскага паселішча. Потым па Піне і волакам па сушы -- да р. Валока (левы прыток Мухаўца, зараз не існуе). Адтуль, праз Мухавец і Заходні Буг -- у Віслу. Акрамя таго, выкарыстоўваліся і два іншыя варыянты шляху: з Прыпяці да вярхоўяў Ясельды, далей волакам у р. Нараў -- правы прыток Заходняга Буга; цераз вярхоўі Прыпяці волакам -- працягласць каля дзесяці кіламетраў -- да Заходняга Буга.

Выключна выгаднае становішча Гарадзішчанскае паселішча займала і на другім міжнародным водным шляху. 3 вярхоўяў Ясельды волакам можна было трапіць у басейн Нёмана (цераз р. Рось). Гэты шлях быў найбольш кароткім паміж землямі Кіеўскага Падняпроўя і скандынаўскім востравам Готланд. Яго існаванне ўскосна пацвярджаецца старажытнай назвай Ваўкавыска на Росі (па летапісах “Волковыеск” -- Волакавыск? Высокі Волак?)

3 мэтаю эканоміі сіл і часу, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваліся два варыянты дняпроўска-нёманскага шляху: з Балтыкі ў Кіеў праз Нёман - Рось - Ясельду - Прыпяць - Дняпро; з Кіева да Балтыкі праз Дняпро - Прыпяць - Шчару - Нёман. У апошнім варыянце абміналася сустрэчнае цячэнне на вялікім адрэзку шляху па Ясельдзе.

Недзе ў пачатку XI ст. жыццё на паселішчы ў в. Гарадзішча заціхае. У вусці Піны, каля ўпадзення яе другога рукава ў Прыпяць, будуецца горад Пінск -- сапраўдны сярэднявечны горад дзяржаўнага перыяду, нашчадак старэйшага горада, які існаваў у в. Гарадзішча.

Перанос Пінска на новае месца адбыўся, магчыма, у сярэдзіне XI ст. Матэрыялаў больш ранняга часу на месцы сярэднявечнага Пінска не выяўлена. Археалагічнае вывучэнне летапіснага Пінска пачалося ў 1955 г. У розны час тут працавалі экспедыцыі Пінскага краязнаўчага музея і Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам Т. Раўдзінай, В. Міралюбава, Я. Бібікава, П. Лысенкі.

Пінск ХІ--ХІІІ ст. размяшчаўся на левым, узвышаным беразе Піны. Яго планіровачным цэнтрам быў добра ўмацаваны дзядзінец. Ён знаходзіўся у межах сучаснай вуліцы Чайкоўскага і колішняй рыначнай плошчы, меў авальную ў плане форму, яго плошча дасягала звыш 1,5 гектара. 3 усіх бакоў, акрамя прырэчнага, дзядзінец быў абнесены магутным земляным валам і глыбокім ровам. 3 захаду, поўначы і ўсходу яго абкружаў вакольны горад, таксама ўмацаваны валам і ровам. Межы вакольнага горада на захадзе і поўначы дасягалі сучаснай вуліцы Горкага, ана ўсходзе праходзілі па ўсходняй частцы плошчы імя Леніна. Каб валы не абсыпаліся, на іх трасе змясцілі драўляныя клеці памерам 1,5 на 1,5 або 2 на 2метры. Гэты моцны каркас засыпалі зямлёй і дадаткова ўмацоўвалі глінай. Па грэбеню вала была ўзведзена драўляная сцяна. Прасочаны ўезд на дзядзінец, абаронены вежаю. Ад сценаў дзядзінца да вала вакольнага горада ў радыяльным напрамку разыходзіліся вуліцы. Яны перасякаліся паўкальцавымі вуліцамі, што ішлі паралельна знешнім умацаванням і былі замошчаны тонкімі папярочнымі бярвеннямі, пакладзенымі на падоўжаныя лагі. Паабапал вуліц месціліся сядзібы гараджан, якія складаліся з дамоў і надворных гаспадарчых пабудоў. Хаты былі невялікія, плошчаю да шаснаццаці квадратных метраў і мелі звычайна адзін пакой. Дашчаную падлогу клалі на дзве-тры лагі, а за падмуркі часта выкарыстоўвалі ніжнія вянцы папярэдніх пабудоў. Ацяпляліся жылыя пабудовы глінабітнымі печамі. Двор абгароджваўся парканам і часткова вымошчваўся насцілам з тонкага бярвення альбо дошак. Заўважана стабільнасць планіроўкі і забудовы горада на працягу стагоддзяў. Вулічныя маставыя, дваровыя комплексы і пабудовы звычайна размяшчаліся на адным і тым жа месцы на ўзроўнях шасці-дзевяці будаўнічых гарызонтаў.

Рэшткі аднаго са старажытных пахаванняў Пінска ХІ--ХІІІ стст. знойдзены на ўсходняй ускраіне горада, у прадмесці Лешч. У ХІХ ст. там зафіксавалі два курганы. Адзін з іх у 1871 г. раскапаў дырэктар мясцовых вучылішчаў С. Куклінскі, які, на жаль, не апублікаваў матэрыялы сваіх прац. Аднак захаваліся звесткі, што ён знайшоў у

 

[с. 4 ↑]

 

насыпе саманідскі дырхем Нуха, сына Насра, чаканены ў Самаркандзе ў 952--953 гт. Другі курган у 1952 г. вывучаў вядомы даследчык палескіх старажытнасцяў Ю. Кухарэнка. Гэта быў вялізны насып у форме ўсечанага конуса, дыяметр якога дасягаў 35 метраў, а вышыня -- 7,5 метра. У гістарычнай літаратуры курган вядомы пад назвай Міндоўгава магіла, а сярод пінчукоў існавала паданне, што тут пахаваны князь Войшалк. У 1955 г. пахавальны помнік знішчылі будаўнікі і выкарысталі пясок з яго для ўпарадкавання стадыёна.

Па апытаннях землякопаў і назіраннях супрацоўніка Пінскага музея Б. Міралюбава, удалося рэканструяваць некаторыя рысы пахавальнага абраду. Перапаленыя косткі нябожчыка абнеслі нейкім драўляным збудаваннем і зверху ўзвялі насып да трох метраў вышынёй. Потым расклалі памінальнае вогнішча, ад якога захавалася праслойка попелу і вуголля. Курган падсыпалі яшчэ двойчы і зноў рабілі памінальнае вогнішча. У насыпе кургана знайшлі таксама косткі жывёл і птушак, жалезны цвік, пласцінку ад ахоўнага панцыра, абломкі невызначальных жалезных рэчаў. Падобныя пінскім курганам пахавальныя помнікі на тэрыторыі Усходняй Еўропы сустракаюцца вельмі рэдка. Іх датуюць канцом IX -- XI ст. Мяркуюць, што такім чынам хавалі вярхушку дружыннай знаці або княэёў.

Культурны пласт горада, які дасягае месцамі пяці метраў, запоўнены рамесніцкімі вырабамі, слядамі розных вытворчасцяў, косткамі жывёл і рыб. I хаця майстэрні не выяўлены, характар знаходак паказвае на разнастайную вытворчую дзейнасць пінчукоў. Галоўная роля належала металургіі і металаапрацоўцы. Гэтыя галіны гаспадаркі пастаўлялі інструменты і прылады працы як для самога горада, так і для сельскай акругі, забяспечвалі зброяй вайсковыя фарміраванні. Але рэшткі металургічных горнаў у гарадскіх напластаваннях не выяўлены. I гэта не дзіўна. Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых старажытнабеларускіх гарадах. Пры даволі шчыльнай драўлянай забудове горада было б вельмі рызыкоўна ў яго межах займацца пажаранебяспечнай справай. Адсутнасць уласнай металургічнай базы пры наладжанай кавальскай справе дапускае меркаванне, што гарады атрымоўвалі жалеза, у асноўным, з сельскай акругі.

У культурным пласце Пінска выяўлена даволі мала рэчаў з каляровых металаў. Але побач з імі знойдзены тыглі і льячкі са слядамі расплаўленага металу, ювелірныя інструменты (пінцэты, дробныя прабойнікі), што сведчыць на карысць мясцовага характару ювелірнага рамяства, якое абапіралася на прывазную сыравіну. Майстры-ювеліры ведалі такія прыёмы апрацоўкі каляровых металаў, як ліццё ў форме, чаканка, пайка, палуда, тарыраванне. Яны выраблялі бранзалеты, фібулы-засцёжкі, кольцы, нацельныя крыжыкі і інш.

У кожнай сядзібе выкарыстоўваўся гліняны посуд, зроблены мясцовымі ганчарамі. Яго рабілі ў асноўным на ручным ганчарным коле, пераход да якога сведчыць аб станаўленні адпаведнай галіны рамеснай вытворчасці. У керамічным наборы значна пераважаюць гаршкі, якія часта ўпрыгожаны ў верхняй частцы тулава кругавым рыфленнем, хваляй. Неардынарнай знаходкай з’яўляюцца паліваныя керамічныя пліткі, выяўленыя ў пластах канца ХІ -- пачатку XII ст. Яны выраблены з белай гліны і пакрыты палівай зялёнага, жоўтага, карычневага і крэмавага колеру. Падобныя пліткі звычайна выкарыстоўвалі пры пабудове цэркваў. Але на даследаванай археолагамі тэрыторыі старажытнага Пінска не ўдалося прасачыць сляды манументальнага дойлідства. Магчыма, існаваў намер узвесці храм, для чаго ўжо нарыхтаваны былі ў вялікай колькасці пліткі, але па нейкіх прычынах яго будаўніцтва не здзейснілася.

Кастарэзны промысел фіксуецца знаходкамі як гатовых вырабаў (утулкі, накладкі, грэбені, вастрыі, гузікі), так і нарыхтоўкамі, паўфабрыкатамі. Некаторыя вырабы ўпрыгожаны геаметрычным арнаментам. Сыравінаю для касцяных рэчаў служылі рогі аленя і лася. Добра прасочваюцца гарбарнае і шавецкае рамяство па зна-

 

[с. 5 ↑]

 

ходках рэшткаў скур, пасыпаных вапнай для выдалення з іх поўсці, абрэзкаў скур пасля іх раскрою на нарыхтоўкі для абутку. Апроч мяккага скуранога абутку, знойдзены кашалькі, футаралы, похвы для кінжалаў і нажоў. Умелі пінчукі апрацоўваць камень, у тым ліку і бурштын. I, безумоўна, у горадзе жылі майстры, якія працавалі з дрэвам. Цесляры-будаўнікі ўзводзілі драўляныя канструкцыі абарончых збудаванняў, дамы і гаспадарчыя пабудовы, агароджы і вулічныя насцілы. Высокае майстэрства і спецыялізацыя патрэбны былі пры вырабе лодак, бочак, цэбраў, дзежак, точанага посуду. У паўсядзённым жыцці нельга было абысціся без драўляных рыдлёвак, верацён, дэержакоў, пробак, вёслаў і інш.

Жыхары Пінска займаліся таксама сельскай гаспадаркай і пераапрацоўкай прадуктаў земляробства. У культурным пласце неаднойчы знаходзілі зерне проса, жыта, ільну, канаплі, косткі хатняй жывёлы -- кароў, коз, авечак, свіпей, коней. Каб папоўніць харчовы рацыён, палявалі на зубра, тура, лася, аленя, кабана, касулю і інш., лавілі рыбу ў рэках і азёрах.

Важную ролю ў жыцці пінчукоў адыгрываў гандаль. Яго развіццю садзейнічала размяшчэнне горада на перакрыжаванні важных шляхоў зносін і наяўнасць ссльскам акругі, якая адчувала патрэбу ў вырабах пінскіх рамеснікаў. У замежным гандлі на працягу ХІ--ХІІІ стст. пераважаў паўднёвы напрамак. Найбольш масавым прадметам імпарту былі шкляныя бранзалеты. Выяўлена каля тысячы фрагментаў гэтых упрыгажэнняў чорнага, карычневага, фіялетавага, сіняга, зялёнага, жоўтага і іншых колераў. Выраблялі іх у майстэрнях Кіева. 3 Валыні ў Пінск траплялі шыферныя (сланцавыя) праселкі. Стабільныя гандлёвыя сувязі з Візантыяй пацвярджаюцца знаходкамі фрагментаў чырвонагліняных амфар, якія служылі посудам для віна і алею.

3 паўднёвых краёў (Каўказ, Крым, Ліван) і Кіева траплялі да жыхароў Пінска шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, аконнае круглае шкло, шкляны сталовы посуд. Прывазны характар маюць таксама асобныя ювелірныя вырабы і, несумненна, каляровыя металы.

У пачатку XIX ст. у горадзе знойдзены унікальны скарб, які складаўся са златнікоў Уладзіміра Святаславіча (980--1015 гт.), візантыйскіх намісмаў Васіля II (976--1025 гт.), Канстанціна VIII (1025--1028 гт.), Рамана IV (1068-1071 гт.), Нікіфара Ватаніята (1078-1081 гг.) і, магчыма, іншых імператараў. Трапіў ён у зямлю, хутчэй за ўсё, у трэцяй чвэрці XI ст.

Найбольш цяжка ўявіць духоўны свет людзей сярэднявечча. Безумоўна, у фарміраванні светапогляду першаснае значэнне належала рэлігіі. Насельніцтва Пінска Гарадзішчанскага было паганскім, бо ніякіх рэчаў, звязаных з хрысціянствам, там не знойдзена. Ёсць звесткі, што ў пачатку XI ст. у Тураве была заснавана хрысціянская епархія, якая і стала асноўным правадніком новай рэлігіі ў межах усяго Тураўскага княства. Аднак працэс гэты быў павольны, і перажыткі паганства, як сведчаць археалагічныя матэрыялы, існавалі яшчэ вельмі доўгі час.

Аб распаўсюджанні хрысціянства ў Пінску сведчаць знаходкі нацельных крыжыкаў, часткі бронзавага абразка-складзеня з выявай Багародзіцы, каменнага шліфаванага абразка з выявай Спаса Эмануіла, якія датуюцца канцом ХІ--ХІІІ ст. Пашырэнню хрысціянства сярод жыхарства Пінска спадарожнічала стараславянская пісьмовая культура. Археалагічным сведчаннем пісьменства пінчукоу з’яўляецца знаходка пісала, якое мела выгляд стрыжня з вастрыём на адным канцы і лапатачкай на процілеглым. Вастрыём пісалі на бяросце або навошчанай дошчачцы, а лапатачкай сціралі напісанае. Сярод знаходак гэтага кшталту -- прасліца і фрагмент амфары з надпісамі кірыліцай.

У канцы XV ст. аднаўляеццн жыццё на пакінутым паселішчы ў в. Гарадзішча, а ў XVIII ст., па замове і на фундацыю троцкага кашталяна Караля Копгца, тут узводзяцца будынкі кляштара і касцёла бенедыктынцаў. Царкоўную дзейнасць у ім распачынаюць манахі, запрошаныя з італьянскага горада Монтэ-Касіна. Праз нейкі час кляштар набывае вялікія зямельныя ўла-данні - вёскі Белая, Купяцічы, Цялковічы, Сошна, Вулька. У 1843 г. урад Расіі канфіскаваў маёмасць кляштара, а ў 1865 г. закрыў касцёл і кляштар бенедыктынцаў. Будынкі комплекса прыйшлі ў заняпад, сяляне часткова расцягнулі іх на цэглу. У 1914 г. касцёл перадалі католікам, і яго будынак аднавілі пад наглядам архітэктара Казіміра Пшыбылоўскага. У 1944 г. касцёл быў узарваны немцамі пры іх адступленні.

А на маленькім гарадзішчы, што размяшчалася на мысавым уступе берага над Гарадзішчанскім возерам, у XVIII ст. пабудавалі каплічку і ўсталявалі могілкі. У 1925 г. Р. Гарашкевіч яшчэ застаў на іх некалькі надмагільмых помнікаў, на якіх можна было разабраць прозвішчы вядомых у Пінску людзей: Іосіф Галембеўскі, Тэрэза Асмалоўская з роду Ордаў, Ян Бутрымовіч, Анэля Галаўкова з роду Бутрымовічаў...

 

[с. 6 ↑]

 

 

Вёска Гарадзішча ў 1930 -я гады. (с. 3).

 

 

 

 

Археалагічныя знаходкі з Гарадзішча: 1 -- скандынаўскі відэлец; 2, 3 --падвескі; 4, 5 -- фрагменты бранзалетаў; 6 -- грэбень; 7—9 – пярсцёнкі. (с. 4).

 

 

 

 

 

 

 

Абразок з выявай Спаса Эмануіла з Пінска.           ХІІст. (с. 5).

 

 

 

 

 

 

 

 


Златнік князя Уладзіміра Святаславіча з пінскага скарба 1804г. (с. 5).