ТЕМЫ, СТАТЬИ  

 

ОБЩЕСТВО "ЗАГОРОДЬЕ"

 

Аркадзь Іосіфавіч ЖУРАЎСКІ, член-карэспандэнт Академіі навук Беларусі, саветнік пры дырэкцыі Інстытута мовазнаўства Академіі навук Беларусі

«»

СТАРАДАЎНІЯ НАЗВЫ ГАРАДОЎ БЕЛАРУСІ

[НАВІНЫ Беларускай акадэміі [газета; г. Мінск]. № 31 (660), 14 жніўня 1992 г. С. 3—5. Матэрыял, у якім разглядаецца праблема назвы Брэста, выдзелены].

 

Разнастайныя змены, якія праходзяць у апошні час у рэспубліках былога Саюза, а цяпер незалежных дзяржавах, закранаюць і тапанімімку -- геаграфічныя назвы: цяпер яны замяняюцца на старадаўнія. Ахвярамі тапанімічнага астракізму становяцца перш за ўсё так званыя эпонімы -- асобы, прозвішчамі якіх у свой час былі названы мясцовасці, гарады, населеныя пункты. Цяпер у друку ўжо не сустракаюцца назвы гарадоў Горкі, Калінін, Куйбышаў, Ленінград, Свярдлоўск і іншыя, бо яны перайменаваны ў Ніжні Ноўгарад, Цвер, Самара, Санкт-Пецярбург, Екацярынбург, гэта значыць ім вернуты спрадвечныя назвы.

Такі працэс вяртання гарадам і вёскам іх старадаўніх назваў распаўсюджваецца і па Рэспубліцы Беларусь. За гады савецкай улады ў нас былі заменены назвы пяці раённых цэнтраў: Дрыса стала Верхнядзвінскам, Ігумен -- Чэрвенем, Койданава -- Дзяржынскам, Прапойск -- Слаўгарадам, Шацілкі -- Светлагорскам. 3 пералічаных перайменаванняў [застаўся] толькі Дзяржынск звязаны з імем Ф. Э. Дзяржынскага.

Значна больш змен адбылося ў назвах вёсак. Напрыклад, у кнізе вядомага беларускага тапаніміста В. А. Жучкевіча «Краткий топонимический словарь Белоруссии» (Мн., 1974) змешчан спіс населеных пунктаў, назвы якіх былі заменены ў 1918—1973 гг. Ён уключае каля 450 новых назваў, якія з’явіліся за адзначаны перыяд, што складала ў той час прыкладна 1,8 працэнта ад агульнага ліку пасяленняў на Беларусі. У асноўным гэта немілагучныя назвы, якія носяць зняважлівыя характарыстыкі, і, як заўважыў беларускі тапаніміст А. Рогалеў, на 80—90 працэнтаў гэтыя перайменаванні былі абгрунтаванымі. Аднак былі выпадкі замены назваў прыгожых і заканамерных для беларускай тапанімічнай сістэмы. Зусім нязначную частку, усяго толькі каля 0,1 працэнта, складаюць змененыя назвы, у аснову якіх увайшлі эпонімы тыпу Будзённы, Дзяржынск, Калінін, Ленін, Чапаеў, Чкалаў і іншыя.

Тым не менш у цяперашні час сярод рэфарматараў беларускай тапанімікі праяўляюцца імкненні правесці як мага больш адваротных змен -- адмовіцца ад ужываемых цяпер назваў і вярнуцца да старых. Пры гэтым не прымаецца пад увагу, што ў мінулым змены ў абліччы геаграфічных назваў адбываліся па розных прычынах. Апрача змен, якія былі праведзены людзьмі свядома па тых ці іншых матывах, значная частка тапонімаў Бсларусі за перыяд гісторыі беларускай мовы змяніла свае фанетыка-марфалагічныя абрысы незалежна ад волі людзсй, з прычыны натуральных законаў развіцця мовы, захаваўшы пры гэтым у сваім складзе зыходную этымалагічную тапанімічную аснову. Зусім натуральна, што адносіны да тапонімаў гэтых двух разрадаў не павінны быць аднолькавымі.

Афіцыйным прызнаннем неабходнасці вяртання ранейшых назваў населеных пунктаў Беларусі трэба лічыць вялікі, амаль на дзве паласы артыкул А. Ціхановіч «Нашто адракліся?», апублікаваны ў газеце «Звязда» ад 28 сакавіка 1991 г. Публікацыя суправаджаецца мастацка выкананай картай, дзе нанесены і перакрэслены старыя назвы вёсак, якія былі зменены новымі ў савецкі час. Усяго на прыведзенай карце каля 180 такіх перакрэсленых найменняў. Аднак для чытачоў застаецца незразумелым, ці настойвае А. Ціхановіч на вяртанні былых назваў толькі для гэтых 180 вёсак, і якія адносіны аўтара артыкуда да астатніх 270 новых найменняў, пералічаных В. А. Жучкевічам. Між іншым у яго спісе адзначаюцца такія ранейшыя назвы, замененыя новымі, як Овечкн, Остолоново, Беднишки, Безделичи, Бесхлебичи, Болваны, Бордели, Глупики, Гниляки, Гнойница, Голодница, Дуричи, Дурневичи, Дурыничи, Коростичи, Кукиши, Лапти, Лизуны, Мартышки, Мохоеды, Мямли, Неумываки, Пентюхи, Плешивцы, Подонки, Похабовщина, Самодуровщина, Свинолупы, Смердяча, Собачки, Старцы, Таракановка, Тараканы, Тупица, Холуи і іншыя. Яны дапаўняюцца складанымі тапонімамі Волчья Яма, Долгнй Помет, Пустой Угол,  Пьяный Лес, Черная Грязь.

Як бы не тлумачыць паходжанне такіх найменняў, але з пункту погляду сучаснага моўнага ўспрымання яны выклікаюць толькі адмоўныя рэакцыі, і можна не сумнявацца, што жыхары гэтых населеных пунктаў наўрад ці пажадаюць вярнуць сваім мясцовасцям іх старыя назвы.

На апублікаванай карце А. Ціхановіч без каментарыяў прыведзены назвы гарадоў Бярэсце, Гародня, Менск і Наваградак. Адсутнасць тлумачэнняў да гэтых форм дае падставу лічыць, што аўтар разглядае іх як адзіна правільныя, насуперак ужывальным у цяперашні час формам Брэст, Гродна, Мінск, Навагрудак. У гэтых чатырох пералічаных формах наглядна відаць, як узровень тапанімічных ведаў аўтара артыкула, так і агульны стан беларускай гістарычнай тапаніміі. Яны з усёй відавочнасцю адлюстроўваюць тое тапанімаблуканне, якое характэрна для сучасных беларускіх мастацкіх, публіцыстычных і навуковых выданняў. На жаль, няма магчымасці разгледзець увесь такі матэрыял, таму прыходзіцца абмежавацца толькі адным прыкладам.

У гэтым годзе ў лютаўскіх нумарах газеты «Звязда» апублікавала вялікі артыкул «вядомых беларускіх гісторыкаў» пад назвай «Забытая слава». Кароткі агляд ваеннай гісторыі Беларусі». У ёй аўтары пераконвалі чытачоў, што галоўным ворагам беларусаў на працягу шмат стагоддзяў была Руская дзяржава. У нумары ад 18 студзеня 1992 года яны змясцілі карту Вялікага княства Літоўскага XIII—XV ст.ст. У гісторыі беларускай картаграфіі ніколі яшчэ не была прадстаўлена такая тапаніміка, як на гэтай карце. Тут нанесены гарады і землі Берасьце, Вугрыя, Горадня, Дзьвінск, Каўна, Маренбург, Ворша, Памэранія, Петракоў, Ржэво, Шаўлі, рэкі Вяльля, Дняпро, Сэйм. Чытачу трэба доўга ламаць галаву, каб здагадацца, якія прынцыпы былі пакладзены ў арфаграфічнае афармленне гэтых тапонімаў. У легендзе карты змешчаны «Азначэнні на абшары Беларусі», дзе абазначаны «мяжа пры Міндаўгу» (аднак у тэксце публікацыі гаворыцца пра Міндоўгаў), «мяжа пры Гэдыміне» (у тэксце — Гедымін), «Мяжа пры Вітаўте (вучань пачатковай школы па-беларуску напісаў бы «пры Вітаўце»). Але асаблівай стракатасцю выдзяляюцца тапонімы ў самім тэксце публікацыі. Тут ужо ўжываецца Бярэсце (на карце — Берасьце), у расказе аб падзеях першай паловы XIII стагоддзя праходзяць Наваградак, наваградцы, наваградская зямля, але з другой паловы гэтага стагоддзя і далей з’яўляецца ўжо Навагрудак. Да таго ж XIII стагоддзя аднесены Гродна і Гародня, Полацк і Полацак, аўтарам артыкула ўжо ў XIII стагоддзі вядомы Кенігсберг (на карце -- Каралевец), хаця ў іншых, нават больш позніх беларускіх крыніцах фіксуецца толькі Кролевец. Тапонім Менск праходзіць па ўсямў тэксту, нават пад 1989 і 1991 гадамі, але ў другой палове XIX стагоддзя ў публікацыі ўспамінаецца Мінская губерня і ў той жа час то Гародзенская, то Гарадзенская губерня. Да апошняга часу ў выдавецкай дзейнасці практыкавалася так: калі ў друкаваны орган паступалі непісьменныя матэрыялы, дык рэдакцыя выпраўляла іх у адпаведнасці з нормамі літаратурнай мовы. Але ў дадзеным выпадку «Звяз-да» чамусьці не стала працягваць гэту традыцыю.

Вось чаму, думаецца, будзе мэтазгодным коратка разгледзець форму кожнага з названых вышэй чатырох тапонімаў -- Брэст, Гродна, Навагрудак, Мінск -- у гістарычным аспекце, з прыцягненнем фактаў беларускіх пісьмовых крыніц. Бо не падлягае сумненню, што ў мастацкіх і навуковых публікацыях на гістарычную тэматыку цалкам апраўдана ўжыванне старадаўніх, а не сучасных тапомнімаў. У літаратуры па тапаніміцы падкрэсліваецца, што калі пісьменнік ці гісторык робіць памылку ў назве аб’екта, чытач мае права паставіць пад сумненне і астатні выклад.

Трэба аднак заўважыць, што дзеля таго, каб прасачыць фанетыка-марфалагічную эвалюцыю кожнага з гэтых тапонімаў, трэба вывучыць вялікі гісторыка-лінгвістычны матэрыял, выявіць, у якіх жанрах старабеларускай пісьменнасці, у якіх мясцовасцях і якімі аўтарамі пачала ўжывацца тая ці іншая форма, як яна суадносілася з фанетычнай сістэмай тагачаснай жывой беларускай мовы. У гэтых адносінах першаступеннае значэнне мае старабеларуская канцылярска-юрыдьгчная пісьменнасць, якая ў параўнанні з іншымі жанрамі ўсёй сістэмай сваіх моўных сродкаў аказваецца найбольш блізкай да жывой народнадыялектнай мовы свайго часу.

Невычэрпны моўны матэрыял змяшчае архіў канцылярыі Вялікага княства Літоўскага, вядомы пад назвай «Літоўская метрыка». Некаторыя дакументы Метрыкі былі ўжо апублікаваны ў мінулым, але большасць яе кніг (іх захавалася звыш 600) застаецца некранутай і ў рукапісным выглядзе ў цяперашні час захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве і ў Галоўным архіве старадаўніх актаў у Варшаве. У 1980 годзе паміж Інстытутам гісторыі Акадэміі навук СССР і Інстытутам гісторыі Польскай акадэміі навук было заключана нагадненне аб публікацыі матэрыялаў Метрыкі. У гэту работу былі падключаны Інстытут гісторыі АН БССР і Інстытут гісторыі АН Літоўскай ССР. На жаль, цяперашняя палітычная сітуацыя не садзейнічае паспяховай рэалізацыі гэтага важнага навуковага пачынання, і бліжэйшае пакаленне даследчыкаў не атрымае магчымасці ў поўным аб’ёме выкарыстаць матэрыялы Метрыкі. Вось чаму ў цяперашні час па даступных, галоўным чынам апублікаваных крыніцах, можна толькі прыблізна паказаць у гістарычным аспекце эвалюцыю назваў пералічаных беларускіх гарадоў, дапускаючы магчымасць карэктыроўкі вывадаў у будучым па меры прыцягнення новых крыніц.

Сучасны беларускі горад Брэст у старабеларускіх пісьмовых крыніцах ужываўся ў форме Берестье з нязначмымі адхіленнямі ў арфаграфіі. На жаль, у старадаўніх рукапісных тэкстах націск звычайна не абазначаўся, таму па гэтых матэрыялах няма магчымагці дакладна ўстанавіць, як вымаўляўся той ці іншы тапонім у старажытнасці. Затое ў друкаваным палемічным творы канца XVI стагоддзя «Апакрысісе» ва ўсіх словах паслядоўаа абазначаны націск, як і ў большасці друкаваных кніг таго часу. Тут ёсць наля трох дзесяткаў фіксацый форм у Бéрестю і до Бéрестя. Ужыванне старадаўняй формы з такім націскам пацвярджаецца і сучасным дыялектным матэрыялам. Нядаўна пачала выходзіць газета «Збудінне», мова якой грунтуецца на мясцовых брэсцка-пінскіх гаворках. У газеце часта выкарыстоўваецца мясцовая форма Бэрысьть, якую можка разглядаць як непасрэдны працяг старадаўняга наймення Берестье. Старажытны націск зберагаецца і ў народнай песні, запісанай дыялектолагамі ў 1950-х гадах у Драгічынскім раёне:

Слáвнойе мисто Бéрысто,

Новойе мисто Бéрысто.

В Бéрысци гýлыци тисныйи,

В Бéрысци жынышкы пышныйи...

Апраўданасць формы з такім націскам пацвярджаецца і меркаваннямі этымолагаў, якія лічаць, то ў аснове гэтага тапоніма ляжыць наява расліны бераст. Таму старадаўнюю форму Берестье ў сучасным беларускім напісанні трэба перадаваць у выглядзе Берасце, а не Бярэсце, як гэта часта сустракасцца ў многіх цяперашніх бсларускіх публікацыях.

     Поўны тэкст           Закачаць