ТЕМЫ, СТАТЬИ

 

ОБЩЕСТВО "ЗАГОРОДЬЕ"

      
Ф.Д.Клімчук


Вялікае княства Літоўскае і сучаснасць
(моўная сітуацыя)


[Мовы Вялікага княства Літоўскага. Матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Брэст, 18—19 мая 2004 г.). Брэст: Академия, 2005. С. 21—23]



Поўны тэкст (Word)          Закачаць

     У артыкуле гутарка будзе ісці пераважна пра Берасцейска-Пінскае Палессе ў розныя часы, у тым ліку ў эпоху Вялікага княства Літоўскага (далей скарочана: ВКЛ), а таксама пра некаторыя агульныя палажэнні, суадносныя з моўнай сітуацыяй. Статыстычныя дадзеныя па Берасцейска-Пінскаму Палессю прыводзім па тых адміністрацыйных адзінках, у склад якіх гэты рэгіён уваходзіў. За аснову ўзяты матэрыялы перапісаў насельніцтва. У дадзеныя перапісаў унесены карэктывы. Карэннае насельніцтва рэгіёна, носьбітаў розных груп палескіх і панямонскіх гаворак называем – берасцяне па старадаўняй назве абласнога цэнтра – Бе´рестье [4: 3--5] (сучасная дыялектная назва – Бэ´рэсть). Падрабязней гл.: [9: 7--16]. 
Выкарыстоўваем тэрмін: каэфіцыент моўнай інвазіі (скарочана: КМІ). Маецца на ўвазе валоданне мовай пэўнага этнасу прадстаўнікамі іншых этнасаў або інакш пашырэнне мовы ў іншаэтнічным асяроддзі [6: 94--107]. Як убачым, КМІ той ці іншай мовы ў вялікай ступені залежыць ад яе прэстыжнасці.
Так, у былым СССР найбольшы прэстыж мела руская мова. І ёю валодалі, акрамя рускіх, прадстаўнікі іншых народаў. У 1989 г. у СССР асоб нярускай нацыянальнасці налічвалася 140,6 млн. чалавек. Сярод іх валодалі рускай мовай 87,5 млн., або 62,3 % ад усяго нярускага насельніцтва Саюза. Лічба 62,3 – гэта і ёсць КМІ (каэфіцыент моўнай інвазіі) рускай мовы ў межах СССР у 1989 г. Па саюзных рэспубліках КМІ рускай мовы ў 1989 г. наступны: 1) РСФСР – 88,1; 2) БССР—80,2; 3) Казахская – 72,9; 4) УССР – 72,4; 5) Латвійская – 72,2; 6) Малдаўская – 63,8; 7) Кіргізская – 44,9; 8) Армянская – 43,5; 9) Літоўская – 42,0; 10) Эстонская – 41,0; 11) Грузінская – 37,2; 12) Азербайджанская – 34,7; 13) Туркменская – 32,1; 14) Таджыкская – 31,1; 15) Узбекская – 27,3.
Пэўная прэстыжнасць была характэрна і для моў тытульных нацыянальнасцей саюзных рэспублік. Так, у тым жа 1989 г. КМІ такіх моў сярод прадстаўнікоў іншых народаў быў наступны: 1) беларускай мовы ў БССР 35,4; 2) армянскай мовы ў Армянскай ССР – 33,4; 3) украінскай мовы ў УССР – 33,4; 4) літоўскай мовы ў Літоўскай ССР – 29,1; 5) грузінскай мовы ў Грузінскай ССР – 23,9; 6) азербайджанскай мовы ў Азербайджанскай ССР – 23,9; 7)

Старонка 21↑

латышскай мовы ў Латвійскай ССР – 23,0; 8) узбекскай мовы ў Узбекскай ССР – 16,6; 9) эстонскай мовы ў Эстонскай ССР – 16,0; 10) Таджыкскай мовы ў Таджыкскай ССР – 12,4; 11) малдаўскай мовы ў Малдаўскай ССР – 12,4; 13) кіргізскай мовы ў Кіргізскай ССР – 3,1; 14) казахскай мовы ў Казахскай ССР – 1,6.
Прыведзеныя лічбы паказваюць, што прэстыжнасць мовы істотна ўплывае на яе пашырэнне сярод прадстаўнікоў не асноўнага этнасу, або інакш – у іншаэтнічным асяроддзі. Адсюль вынікае наступнае. Калі нейкія моўна-дыялектныя сістэмы у пэўны час прэстыжнасцю не карыстаюцца, але яны вельмі пашыраны ў іншаэтнічным асяроддзі, дык гэтую прэстыжнасць яны мелі ў мінулым. Такім чынам, атрымліваецца наступнае: народ і яго мова страцілі прэстыжнасць, а пашырэнне гэтай мовы ці дыялектных сістэм у іншаэтнічным асяроддзі засталося, часам надоўга. 
На Берасцейшчыне мясцовымі палескімі і панямонскімі гаворкамі, акрамя берасцян, валодалі прадстаўнікі іншых этнасаў (гл. табліцу). Да іх у ХІХ—першай палове ХХ стст. адносіліся амаль усе яўрэі і цыганы, большасць старажылаў-палякаў, частка прадстаўнікоў іншых народаў. Яўрэйскае насельніцтва валодала заходнепалескімі гаворкамі не толькі на тэрыторыі Берасцейшчыны, але і ў рэгіёнах, размешчаных на захад ад яе, у межах былога Бяльска-Падляскага ваяводства Польшчы [14: 63–64]. У 1920—1930-я гады многа яўрэяў перасялілася з Берасцейшчыны ў іншыя рэгіёны. Палякі які пасяліліся на Берасцейшчыне ў 1920—1930-я гады, звычайна мясцовымі палескімі і панямонскімі гаворкамі не валодалі. Большасць палякаў-старажылаў, продкі якіх жылі тут яшчэ ў часы ВКЛ, гэтымі гаворкамі пераважна валодалі. Да іх адносіліся і многія палякі-дваране, уладальнікі маёнткаў [9: 11]. Яўрэі, якія пасяліліся на Берасцейшчыне пасля Другой сусветнай вайны, мясцовымі гаворкамі звычайна не валодалі.

 

 

 

 

Год

Валодалі мясцовымі палескімі і панямонскімі гаворкамі

 

 

КМІ

Усяго

% да агульнай колькасці

Коль-

касць (тыс.

чал.)

% да ўсяго насе-

льніц-

тва

берас-

цяне

іншыя

усяго

сярод іншых

яўрэі

палякі

астат

нія

1857

410,8

94,6

86,1

13,9

11,9

1,7

0,4

71,2

1897

712,0

92,1

81,5

18,5

17,5

0,8

0,3

96,9

1921

824,6

93,6

85,8

14,2

12,6

1,2

0,5

71,9

1931

1.116,5

89,8

88,2

11,8

10,4

1,0

0,4

52,9

1959

987,4

82,9

97,4

2,6

...

2,4

0,2

15,7

1970

1.037,7

80,2

97,2

2,8

...

2,3

0,5

16,1

1989

1.004,4

69,3

97,2

2,9

...

2,1

0,7

11,5

 КМІ (каэфіцыент моўнай інвазіі) мясцовых палескіх і панямонскіх гаворак на Берасцейшчыне (гл. табліцу) адлюстроўвае іх пашырэнне сярод насельніцтва гэтага рэгіёна, якое не адносілася да берасцян. Калі звярнуць увагу на прыведзеныя дадзеныя, дык выяўляецца, што да другой Сусветнай вайны, у ХІХ-м і першай палове ХХ стст. на Берасцейшчыне КМІ мясцовых палескіх і панямонскіх гаворак быў блізкі да КМІ рускай мовы ў ў часы СССР. Адсюль можна дапусціць, што і прэстыж адзначаных гаворак быў тут некалі прыкладна такі, як рускай мовы ў СССР. Калі такая сітуацыя магла існаваць? Магчыма адзінае: у часы Вялікага княства Літоўскага да 1696 г., г.зн. да таго, калі ў гэтай дзяржаве ў якасці афіцыйнай замест так званай “руськай” мовы была прынята мова польская.
      Калі гаварыць аб прэстыжнасці палескіх і панямонскіх гаворак у ВКЛ, дык многіх здзівіць: чаму гаворак, а не афіцыйнай мовы? Было б дзіўна для нашага часу, а не для XIV—XVII стст. У наш час літаратурная мова лічыцца вышэйшай катэгорыяй, а народныя гаворкі – ніжэйшай. У часы ВКЛ было не так. Афіцыйнай мовай была тады “руськая” мова. Пры даследаванні яе помнікаў вучоныя выявілі, што яна не адзіная. У ёй выразна выдзяляюцца два варыянты, якія вучоныя называюць: адзін – старабеларуская мова, другі – стараўкраінская мова [1; 13: 221--260; 16; 18: 272--291; 20;]. Ёсць яшчэ помнікі, аднясенне якіх да старабеларускай ці стараўкраінскай мовы выклікае спрэчкі. Але гэта ў цэлым не мяняе сітуацыі. Адна з асаблівасцей “руськай” мовы – адсутнасць у ёй найбольш яркіх рыс беларускай і ўкраінскай моў: цекання-дзекання, акання, ікавізму і інш. Афіцыйная “руськая” мова была наддыялектнай. На ёй пісалі, друкавалі. А як на гэтай мове гаварылі? Мы не можам на машыне часу апусціцца ў эпоху ВКЛ і паслухаць. Але для высвятлення пастаўленага пытання мы можам выкарыстаць іншыя крыніцы. Па-першае, гэта аналогіі, а па-другое – зафіксаваныя матэрыялы.
      Да аналогій перш за ўсё неабходна аднесці царкоўнаславянскую мову. У часы ВКЛ яна была наддыялектная. Гэтай мовай карысталіся ў час набажэнстваў, пры чытанні малітваў і ў іншых сітуацыях. Прадстаўнікі розных славянскіх народаў ці асобных этнічных груп вымаўлялі царкоўнаславянскія словы неаднолькава. З часам склалася некалькі варыянтаў такога вымаўлення: рускае (расійскае), беларускае, украінскае, сербскае, балгарскае [2: 143; 11: 337; 17: 236--240]. 
      Да аналогій можна таксама аднесці сітуацыю, калі ў наш час тэксты на сучаснай рускай літаратурнай мове чытаюць у якой небудзь беларускай ці ўкраінскай глыбінцы. Нярэдка беларусы ў такіх выпадках чытаюць рускі тэкст на беларускі лад: з недысімялятыўным або дысімялятыўным аканнем, яканнем, з дзеканнем-цеканнем і

Старонка 22↑

іншымі рысамі. Гэтак жа ўкраінцы такі ж тэкст могуць чытаць з оканнем, адсутнасцю рэдукцыі галосных, ікавізмам, цвёрдасцю зычных перад *е, *и і іншымі рысамі, якія не ўласцівы рускаму маўленню .
      Тое ж, відавочна, можна сказаць і пра “руськую” мову, якая ў ВКЛ была афіцыйнай. У ёй безумоўна існавалі разнавіднасці вымаўлення. Гэта не былі варыянты сучасных беларускай і ўкраінскай літаратурных моў, паколькі гэтыя мовы, як літаратурныя, склаліся тады, калі ВКЛ ужо не існавала. Відавочна, у часы ВКЛ у “руськай” мове існавалі беларускі і ўкраінскі варыянты вымаўлення з рознымі падварыянтамі, у тым ліку міждыялектнымі кайнэ, а таксама разнавіднасці вымаўлення, у аснове якіх ляжалі пераходныя гаворкі. Сама па сабе пісьмовая “руськая” мова без народных гаворак заставалася толькі пісьмовай мовай. Афіцыйна “руськая” мова ў ВКЛ да 1696 г. была найбольш прэстыжнай. Але ў вусным маўленні без народных гаворак яна не магла функцыянаваць. Таму такую ж прэстыжнсць мела і яе арганічная стыхія – народныя гаворкі. 
“Руськая” мова з яе варыянтамі працягвала існаваць пасля 1696 г. ў часы Рэчы Паспалітай і пазней [1; 36 487—499; 5: 44--46; 7: 185—187; 8: 83—94; 10: 656—664; 19]. 
      Выклікае дыскусіі праблема аўтарства і мовы камедыі “Пінская шляхта” [12: 225—238;]. Пра мову папярэдне можна сказаць наступнае. У аснове мовы “Пінскай шляхты” ляжаць гаворкі паўднёва-ўсходняй часткі Пінскага раёна. На гэтую дыялектную сістэму напластавана сістэма колішняй пісьмовай “руськай” мовы часоў ВКЛ. Часам трапляюцца рысы гаворак цэнтральнай Беларусі (элементы акання і інш.). Своеасаблівая рыса – напісанне [ы] ў тых выпадках, калі ў гаворках адзначанага рэгіёну (паўднёвы ўсход Піншчыны) вымаўляецца [э]: сырце (сэ´рцэ), швыд (швэд), крыпко (крэ´пко). Ці не стаяў у дадзеным выпадку ў рукапісе  (яць), які пры перапісванні быў заменены на ы?
      Адзначым яшчэ адзін факт захавання традыцый колішняй моўнай сітуацыі, калі беларуская мова была вельмі прэстыжнай і ёю шырока карысталіся прадстаўнікі іншых этнасаў. Такую сітуацыю мы занатавалі ў 1976 г. у вёсках Чычаляй і Сымонішкі Швянчонскага раёна Літоўскай ССР у час дыялекталагічнай экспедыцыі, калі збіралі матэрыял для СПЗБ [13]. Вёска Чычаляй – літоўская, вёска Сымонішкі – беларуская. Мясцовай беларускай гаворкай карысталіся жыхары абедзвюх вёсак, як беларусы, так і літоўцы, мясцовай літоўскай гаворкай – літоўцы і толькі некаторыя беларусы. Частка жыхароў, асабліва літоўцы, валодалі рускай і польскай мовай. Літаратурнай літоўскай мовай валодалі вучні. Сітуацыя такім чынам многім нагадвае XVII стагоддзе, калі найбольш прэстыжнай на Віленшчыне была мова беларуская. 

Літаратура.
1. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 1-23. -- Мн., 1982-2003.
2. Бессараба И.В. Материалы для этнографии Седлецкой губернии // ОРЯС, т. LXXV, № 5. СПб, 1903. 
3. Дунін-Марцынкевіч В.І. Творы. – Мн., 1984.
4. Жураўскі А.І. Старадаўнія назвы беларускіх гарадоў // Навіны, № 31 (660), Мн., 1992.
5. Иеродиакон Василий (Костюк). История полесской епархии (1922–1944). -- Брест, 1999.
6. Климчук Ф.Д. Некоторые аспекты распространения языков в иноэтнической среде // Ученые записки Тартуского государственного университета. Актуальные проблемы современной интерлингвистики. Interlinguistica. Tartuensis. 1. -- Тарту, 1982.
7. Климчук Ф.Д. Западнополесские “руськие” молитвы // Этнолингвистика текста. Семиотика малых форм фольклора. Тезисы и предварительные материалы к симпозиуму. -- М., 1988.
8. Климчук Ф.Д. Некоторые особенности письменной традиции Полесья // Modernisierung des Wortschatzes europäischer Regional- und Minderheitensprachen [Zweigstelle für Niedersorbisсhe Forschungen des Sorbischen Institut]. Hrsg. Von Gunter Spieβ. Tübingen: Narr, 1999. 
9. Клімчук Ф.Д. Моўная сітуацыя ў Берасцейска-Пінскім Палессі ў ХІХ—ХХ стст. // Загароддзе-3. Матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Палессе ў ХХ стагоддзі” 1–4 чэрвеня 2000 г., Беласток. Мінск, 2001.
10. Кто булы наши найдавнійшіи диды и якая ихъ була доля до Уніи // Гродненские епархиальные ведомости, 1905, № 24–25. 
11. Лесів М. Украïнські говірки у Польщі. -- Варшава, 1977. 
12. Мечковская Н. Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля Пинская шляхта // Wiener Slawistischer Almanach, № 46 (2000). 
13. Мозер Михаэль. Что такое “простая мова”? // Studia Slavica Hung. 47/3—4 (2002). 
14. Нечуй-Левицький І. Мандрівка на украïнське Підлясся // Пам’ятки Украïни: історія та культура, 1995, № 3, р. XXVII, ч. 110, Киïв. 
15. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча (СПЗБ), т. 1—5. Мінск, 1979—1986.
16. Словник староукраïнськоï мови ХIV–ХV ст., т. 1--2. Киïв, 1977.
17. Станкевіч Я. Беларуская вымова царкоўнаславянскага пісьма // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Том 1. --Менск, 2002. 
18. Kuraszkiewicz W. Ruthenica. Warszawa, 1985.
19. Pidłypczak-Majerowicz M. Bazylianie w Koronie i na Litwie. Szkoły i książki w działalności Zakonu / Acta Universitatis Wratislaviensis. -- Warszawa--Wrocław, 1986. 
20. Stang Chr.S. Die westrussische Kanzleisprache des Groβfürstentums Litauen. -- Oslo, 1935.

Старонка 23↑