ТЕМЫ, СТАТЬИЭтногенез

 

ОБЩЕСТВО "ЗАГОРОДЬЕ"

      

Фёдар КЛІМЧУК.

“Да вытокаў фарміраваньня ўсходнеславянскіх народаў”

[KRYŬJA. Crivica. Baltica. Іndogermanica. № 1(3) ′98 – Менск, 1998. – C. 100--148]

Архіў...      Закачаць

Фарміраваньне ўсходнеславянскіх народнасьцяў -- рускай (велікарускай), украінскай, беларускай — скончылася ў XIV - XVI стст. Аднак, мы не падзяляем надзвычай пашыранай думкі дасьледнікаў, якія пачатак вылучэньня прабеларускага, праўкраінскага і правелікарускага этнасаў адносяць адно да XIV ці да канца XIII ст.[1] . У XIV - XVI стст. існавалі ўмовы для кансалідацыі беларусаў і велікарусаў, але адсутнічалі ўмовы для кансалідацыі ўкраінцаў, не было ўмоваў для разьмежаваньня беларусаў і ўкраінцаў. Бальшыня этнічных велікарусаў у гэты пэрыяд знаходзілася ў складзе паўночна-усходніх усходнеславянскіх (рускіх) княстваў, якія затым аб’яднала Маскоўская Русь[2], этнічныя беларусы ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, а этнічныя ўкраінцы былі падзеленыя паміж некалькімі дзяржавамі -- Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, Польшчай, Маскоўскай Русьсю, Вэнгрыяй і Малдовай. У складзе Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага жылі беларусы, палова ўкраінцаў, частка велікарусаў. Не йснавала ўмоваў для вылучэньня прабеларусаў, праўкраінцаў, правелікарусаў з

[c. 100]  

усходнеславянскага кантынуўму ў эпоху Кіеўскай Русі і фэадальнай раздробленасьці дамангольскага часу. Гэта дае падставы выказаць думку, што адзначаныя этнасы (праэтнасы) склаліся раней.

У XIV -- XVI ст. правелікарусы, прабеларусы, праўкраінцы набылі (найперш у працах вучоных) „статус" народнасьцяў. „Статус" жа прабеларускага, праўкраінскага і правелікарускага этнасаў (праэтнасаў) да XIV ст. мы будзем умоўна называць „этна-дыялектная супольнасьць".

Фарміраваньне ўсякага этнасу заўсёды ўяўляе складаны й працяглы працэс. Мы ў якасьці рабочай гіпотэзы прапануем наступную схему фарміраваньня ўсходнеславянскіх праэтнасаў, суадносячы дадзеныя сучаснага дыялектнага і этна-культурнага ляндшафту з гістарычнымі фактамі, перш за ўсё з дадзенымі археалёгіі.

Прыблізна 1500 -- 1100 гадамі да н.э. датуецца тшцінецкая (тшцінецка-сосніцка-камароўская) археалягічная культура ці археалягічная супольнасць. Многія дасьледнікі зьяўляюцца прыхільнікамі гіпотэзы, што гэтая культура ў сваёй аснове адносіцца да славянскіх (праславянскіх) старажытнасьцяў[3]. Мы лічым, што гэты пункт погляду заслугоўвае ўвагі [4].

Тшцінецкая культура ахоплівала тэрыторыю ад Одры на захадзе да раёну Курска на ўсходзе, ад верхняга Нёмана і Магілёва-на-Дняпры на поўначы да Карпат на поўдні. На гэтай тэрыторыі ці яе частцы (заходняй або ўсходняй) большасьць дасьледнікаў разьмяшчае прарадзіму славян. Тут жа пашырана архаічная славянская гідранімія, хоць яна і выходзіць па-за яе межы[5]. Тшцінецкая культура — гэта хутчэй за ўсё не пачатковы, а завяршальны этап этнагенэзу праславян, якому папярэднічалі эпохі іх нязначнай адасобленасьці ад іншых індаэўрапейцаў, этнічнай „рыхласьці", „залатых" вякоў, „змрочных" часоў і інш. Для ўзьнікненьня пэўнай моўна-дыялектнай сыстэмы і пашырэньня на значнай тэрыторыі патрэбны працяглы час. Трапляючы на пэўны пэрыяд у неспрыяльныя ўмовы, мова або захоўвае сваю аснову, або выцясьняецца з ужытку іншай мовай. Узьнікненьне той ці

[с. 101]  

іншай моўна-дыялектнай сыстэмы як асобнай мовы -- зьява ўнікальная, складаная і працяглая. Гэта датычыць, безумоўна, і мовы праславянскай. Дасьледнікі зьвярнулі ўвагу, што пасьля спыненьня існаваньня тшцінецкай культуры арэал яе пашырэньня пераз пэўныя пэрыяды неаднаразова ,,адраджаўся”[6]. Гэта хутчэй за ўсё сьведчыць аб устойлівасьці этнасу на азначанай тэрыторыі. У гістарычны пэрыяд крыніцы засьведчылі ў гэтай вобласьці славян.



[1] Клімчук Ф. Д. Калі склаўся беларускі (прабеларускі) этнас // Балты і этнагенез беларусаў. Матар'ялы міжнароднай канфэрэнцыі. 22-23 траўня 1993 г., Менск. (У друку).

[2] Да 1480 г. Паўночна-Ўсходняя Русь знаходзілася ў васальнай залежнасьці ад Залатой Арды.

[3] Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мн.,  1993. С. 298,
569,  582--583,  619--620;  Эпоха бронзы лесной полосы СССР //
Археология  СССР.   М.,   1987.  С. 106--116; Археология УССР. Т. 1 Киев,   1985.   С.   422,   437--445; Кухаренко  Ю.  В.  Археология Польши.  М,   1969.  С. 61, 69-70; Березанская С. С. Средний период бронзового века в Северной Украине. Киев, 1972; Чарняўскі М. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі. Мн., 1981. С. 4--56, 59--62; Рыбаков Б. А. Геродотова Скифия. Историко-географическнй анализ.  М., 1979. С.  207-208;  Рыбаков Б. А. Язычество древних  славян.   М., 1981. С. 221-224.

[4] Климчук Ф. Д. К проблеме этногенеза славян // Philologia slavica. К 70-летию Н. Н. Толстого.  М, 1993. С. 71--77.

[5] Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. М.,  1962. Карта 9; Трубачев О. Н. Названия рек Правобережной Украины. М., 1968. С. 246--273; Климчук Ф. Д. К особенности гидронимического ландшафта одной славянской микрозоны // Ученые записки Тартуского государственного университета. Вып. 579. Вопросы становления и развития языковой системы. Тарту, 1981. С. 52--59.

[6] Рыбаков Б. А. Язычество древних славян. С. 217--230.